Адкрыццё выставы адбывалася святочна і ўрачыста.
Каля ўвахода ў выставачную залу удзельніцы народнага тэатра моды “Світа” ў касцюмах з кампазіцыі “Абяцанне” раздавалі усім гасцям маленькія паштовачкі з партрэтам М.Багдановіча і вершам на адваротным баку. У гэты ж час гучала прыемная музыка на вершы М. Багдановіча, праецыраваліся тэтамычныя слайды.
Удзельнікі студыі мастацкага чытання “Дзеяслоў” Ілья Шушкевіч, Ірына Карпіевіч, Настасся Савашынская выканалі рэцытацыю “Жыцця плыні”.
З прывітальнымі словамі да гасцей выставы выступіў прарэктар па выхаваўчай рабоце Павел Іванавіч Папко. Сваімі ўражаннямі ад гэтага цікавага творчага эксперымента падзяліўся выкладчык кафедры дашкольнай адукацыі і тэхналогій, кіраўнік гуртка дэкаратыўна-прыкладнога і выяўленчага мастацтва Леанід Рыгоравіч Капуза.
Культуралагічны праект «ГРАНІ ТВОРЧАСЦІ» рэалізуецца ў Рэспубліцы Беларусь упершыню. Ініцыятарам яе стаў аддзел сацыякультурных праектаў Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей.
Лепшыя творчыя працы інтэрактыўнай экспазіцыі “БАГДАНОВІЧ. МАЛАДЫЯ ЖАДАННI” экспануюцца у галерэях і выставачных залах універсітэтаў абласных гарадоў. Выстава працавала ў Гомельскім дзяржаўным універсітэце імя Францыска Скарыны, у Магілёўскім дзяржаўным універсітэце імя А.А. Куляшова, у Віцебскім дзяржаўным універсітэце імя П.М. Машэрава. На гэтых двух тыднях яна будзе ў нашай ўстанове, а далей яе прыме Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы.
У год 125-годдзя са дня нараджэння Максіма Багдановіча ў сучаснай моладзi з’явілася магчымасць інтэрпрэтаваць праз візуальнае мастацтва сваё бачанне паэтычных вобразаў вялікага паэта. На выставе экспануюцца творы студэнтаў з усёй краіны. Работы выкананы ў традыцыйных тэхніках выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, а таксама тэхніцы летэрынг. Шмат мастацкіх фотаработ, якія створаныя ў сучасных напрамках 3D-візуалізацыі.
Творчыя дасягненні Баранавіцкага дзяржаўнага ўніверсітэта на выставе прадстаўлены ўдзельнікамі гуртка дэкаратыўна-прыкладнога і выяўленчага мастацтва аддзела культуры і творчасці і членамі творчага аб’яднання выкладчыкаў і студэнтаў «Сілуэт» кафедры дашкольнай адукацыі і тэхналогій (кіраўнікі Таццяна Міхайлаўна Лукашэвіч і Таццяна Мікалаеўна Дзямідава).
На Рэспубліканскай выставе прадстаўлена 9 работ нашай установы. Усе работы, выкананыя таленавітымі студэнтамі ўніверсітэта, высока ацэнены экспертнай групай рэспубліканскай выставы. Гурток дэкаратыўна-прыкладнога і выяўленчага мастацтва атрымаў дыплом «Гран-пры» выставы.
Дыпломамі пераможцы ў намінацыі «Канцэптуальны візуальны сэт» узнагароджаны студэнты Ганна Міхнюк, Ганна Чашэйка, Кацярына Віткоўская, Марыя Лопух, Вікторыя Бугрова. Дыпломы пераможцы інтэрнэт-галасавання ў намінацыі «Глядацкія сімпатыі» атрымалі Алена Гапановіч і Надзея Шчэбет.
Выстава будзе працаваць па 16 снежня.
Запрашаем наведаць выставу!
https://pe.barsu.by/index.php/novosti-i-ob-yavleniya/vystava#sigProId14ef54136e